![]() |
||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
ЯКІМ БЫЎ ЛАГОЙСК ДА РЭВАЛЮЦЫI«У газеце «Родны край» неаднаразова расказвалася аб багатай гісторыі Лагойска. А вось якім быў наш раённы цэнтр у пачатку стагоддзя, аб гэтым чытачы мала ведаюць». (3 пісьма ў рэдакцыю).
Паводле статыстычных даных 1897 года, у мястэчку Лагойск налічвалася 2296 жыхароў, з іх 1142 яўрэяў. Гэта ў асноўным былі хлебаробы, невялікая частка рабочых прадпрыемстваў, саматужнікаў. 3 80-х па 90-я гады мінулага стагоддзя ў Лагойску працавала ткацкая фабрыка, якая размяшчалася ў двух будынках і налічвала каля сотні работнікаў. Гэта ў асноўным былі маладыя мужчыны. Перш чым папасці сюды, яны павінны былі прайсці спецыяльныя курсы. У мястэчку быў наладжаны таксама выраб плугоў. Будынкі ў Лагойску таго часу былі драўлянымі, за выключэннем палаца графа Тышкевіча. Пры ім знаходзіўся цэлы комплекс падсобных будынкаў. Апрача Лагойска, графу Тышкевічу належалі вёскі Ніўкі, Загараддзе, Рудня, Гасцілавічы, Свідна і некаторыя іншыя. Плошча ворыўных зямель, якія належалі графу, складала 2400 дзесяцін (1 дзесяціна роўна 1,09 гектара). Прычым гэта былі самыя лепшыя землі. Славіўся Лагойск сваімі кірмашамі. Яны праходзілі штогод 22 мая і 19 снежня. На плошчу ў цэнтры з’язджаліся людзі з усіх навакольных вёсак. Падводы запаўнялі ўсе прылягаючыя вуліцы. Папулярнасцю карысталася лагойская карчма. Размяшчалася яна ў прасторным будынку даўжынёй у трыццаць метраў. Тут можна было пасядзець, адвесці душу. Дзякуючы гарыстаму рэльефу, Лагойск прыцягваў увагу многіх людзей. Сюды прыязджалі не толькі з навакольных вёсак, a і з гарадоў, асабліва з Мінска. Прыезджыя рабілі прагулкі па лясных ваколіцах, частаваліся яго смачнай крынічнай вадой. Многа людзей збіралася каля Паненскай гары, якая па сваёй прыгажосці не уступала парку. Аднак Лагойск вядомы не толькі сваёй прыгажосцю, але і народным гневам, непрымірымасцю да тых, хто распараджаўся яго багаццем. Ад мясцовых старажылаў мне даводзілася чуць, што тут нярэдка адбываліся народныя хваляванні, якія насілі жорсткі характар. Раман Маскалевіч, які працаваў у Гайне святарам, у сваіх успамінах пісаў, што аднойчы ў мястэчку ён бачыў мноства солдат. Яны прыбылі з Мінска для навядзення парадку, утаймавання разгневаных лагайчан. А другі відавочца — І. Новікаў паведаміў нам аб бунце лагайчан у 1905 годзе. Жыхары мястэчка і бліжэйшых вёсак паўсталі тады супраць існуючых парадкаў, узброіўшыся хто чым мог. I такіх фактаў нямала. Не маўчаў пра іх і наш славуты пясняр Я. Купала, які назваў Лагойшчыну Гайнай убогай. Канечне, ён меў на ўвазе гаротнае жыццё тутэйшых людзей.
Б. САСНОЎСКІ. |
||||||||
|
||||||||