![]() |
||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Браты Тышкевiчы з ЛагойскаЗахавальнікі гісторыіПейзажы гэтых мясцін уражваюць. Іх параўноўваюць з пейзажамі Швейцарыі. Я не люблю такога роду параўнанняў, таму што кожная мясціна прываблівае сваей непаўторнасцю. Узгоркі Лагойшчыны не змрочныя. Яны велічныя і загадкавыя. Калі ўглядваешся ў іх цёмныя абрысы, здаецца, што яны захоўваюць нейкую таямніцу. Дарэчы, такое меркаванне наўрад ці будзе памылковым. Яны — захавальнікі нашай гісторыі. Калі паглядзець на карту Лагойшчыны, складзеную археолагамі, можна ўбачыць абазначэнні дзесяткаў помнікаў — селішчаў, гарадзішчаў, курганоў, святых камянёў. Продкі нашыя звыш тысячы гадоў назад аблюбавалі гэтыя, здавалася б непраходныя мясціны. Узгоркі расступіліся і далі ля свайго падножжа месца ўмацаванаму гораду побач з прыгожай ракой. I праз вякі яна не пакіне раўнадушным паэта Петруся Броўку: «Гайна!.. Гайна!.. Што за рэчка! — прыгажзйшае няма». Першае ўпамінанне Лагойска ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1078 года. 919 гадоў назад пісаў аб ім у сваім «Павучанні» адзін з вядомешых палітычных дзеячаў таго часу Уладзімір Манамах. Быў ён тут аднак не з мірнай мэтай. Будучы князем чарнігаускім і смаленскім, ён ваяваў з полацкім князем Усяславам Чарадзеем. Полацк яго дружыны ўзяць не змаглі, але, вяртаючыся, разбурылі меншыя, слабей умацаваныя замкі, у тым ліку і Лагойск — цэнтр невялікага княства полацкай зямлі. Не раз яшчэ гораду выпадала ўдзельнічаць у рознага роду палітычных разборках і мець немалыя страты. У XIV стагоддзі Лагойскае княства увайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Вяліки князь Вітаўт, умацоўваючы абароназдольнасць дзяржавы, не забыў і Лагойск. Замкавыя збудаванні рэканструявалі і ўмацавалі. Аднак гэта не выратавала горад і яго жыхароў ад разграбления ў 1505 годзе татарскай ардой Махмет-Гірэя. Канчаткова замак разбураны быў у 1708 годзе войскамі шведскага караля Карла XII. Адкуль пайшоў род ТышкевічаўЛагойск адносіўся да ліку прыватнаўласніцкіх гарадоў. У 1517 годзе яго ў якасці пасагу за жонкай Аляксандрай з роду Чартарыйскіх атрымаў Васіль Тышкевіч, які меў тытулы ваяводы падляшскага і смаленскага, старасты мінскага і пінскага. Сямёйныя хронікі расказвалі, што, спяшаючыся з каралеўскай поштай з Оршы, ваявода спыніўся на кароткі час у Лагойску і тут не мог не звярнуць увагі на маладую, прыгожую і да таго ж з добрым сэрцам удаву. Такім чынам, амаль на чатыры стагоддзі лес горада аказаўся непарыўна звязаным з лёсам слаўнага роду Тышкевічаў. Васіль абаснаваў у Лагойску сваю рэзідэнцыю, адрадзіў замак, збудаваў храм Богаяўлення. Большасці нашых чытачоў прозвішча Тышкевічаў, магчыма, не так вядома, як прозвішчы іншых магнатаў — Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх. На жаль, гэта не адзіная «белая пляма» ў нашых ведах пра гісторыю Айчыны. Род Тышкевічаў быў даволі разгалінаваным. Уладанні іх у розныя стагоддзі знаходзіліся ў многіх месцах Вялікага Княства Літоўскага. Назавём, для прыкладу, Астрашыцкі Гарадок, Валожын, Гарадок (паблізу Маладзечна), Свіслач, Палангу і Біржай (два апошніх уладанні — на тэрыторыі сучаснай Літвы). Сярод Тышкевічаў было нямала таленавітых ваеначальнікаў, творчых асоб, разумных палітыкаў, шчодрых мецэнатаў. Мы раскажам пра двух братоў, лагойскіх графаў — Канстанціна і Яўстафа. У пачатку XIX стагоддзя тадышні гаспадар Лагойска Пій Тышкевіч, аўдавеўшы, ажаніўся другі раз на Аўгусце з роду Плятэраў, што мелі абшырныя ўладанні на паўночным усходзе Віцебскай губерні. Яна была маладзейшая за мужа на 26 гадоў, але іх жыццёвыя інтарэсы і мэты дзіўным чынам супадалі. У доме шанавалі навуку і мастацтва, лічылі за неабходнае вывучаць айчынную гісторыю, гісторыю свайго роду. Аўгуста Плятэр прывезла ў Лагойск вялікую бібліятэку, багатыя калекцыі. Паступова папаўняючыся, яны ператварыліся ў першай палове XIX стагоддзя ў адзін з каштоўнейшых прыватных музеяў Беларусі. Лёс аднёсся няласкава да Aўгусты і Пія Тышкевічаў, не даўшы ім доўгай сумеснай старасці. Аўгуста памерла ў 48 гадоў. А вось Пій, верагодна, уваходзіў у лік беларускіх доўгажыхароў. Ён памёр ва ўзросце 102 гады, захаваўшы светлы розум і працаздольнасць.
|
||||||||
|
||||||||